
Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Мялешкін і начальнік дэпартамента прававога забеспячэння і лічбавых тэхналогій БелГПП Віталь Вабішчэвіч прынялі ўдзел у пасяджэнні Праўлення Дзелавога савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Бізнес-форуме ШАС, якія адбыліся ў Астане (Рэспубліка Казахстан).
Акрамя прадстаўнікоў БелГПП у мерапрыемствах удзельнічалі генеральны сакратар ШАС Чжан Мін (у фармаце відэазвароту), старшыня Дзелавога савета ШАС, старшыня Нацыянальнай часткі Дзелавога савета ад Рэспублікі Індыя Трыбухван Дарбары, а таксама старшыні нацыянальных частак Дзелавога савета ад Расійскай Федэрацыі, Пакістана, Ірана, Таджыкістана, Узбекістана, КНР, Кыргызстана, прадстаўнікі краін-назіральнікаў і партнёраў па дыялогу Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (Афганістана, Манголіі, Азербайджана, Арменіі, Турцыі, ААЭ і іншых).
Прадстаўляючы Рэспубліку Беларусь як краіну-назіральніка на Бізнес-форуме ШАС, прысвечаным гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, узаемадзеянню ў галіне культуры і турызму, намеснік старшыні БелГПП адзначыў, што ўдзел у мерапрыемствах асабліва актуальны напярэдадні Саміта, які адбудзецца ў Астане 3–4 ліпеня і на якім Беларусь пяройдзе на новы якасны этап сумеснай работы ў рамках ШАС: стане дзяржавай – членам гэтай арганізацыі.
Дзяніс Мялешкін высока ацаніў магчымасці і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: «Як найбуйнейшая асацыяцыя беларускага бізнесу, мы бачым значны патэнцыял у эканамічным супрацоўніцтве, мы зацікаўлены ў яго развіцці. І вядома, важная роля ў гэтым належыць Дзелавому савету ШАС».
Намеснік старшыні БелГПП таксама падкрэсліў, што Беларусь ідзе ў ШАС з ідэямі і прапановамі па сумеснай рабоце. У ліку прыярытэтных напрамкаў ён адзначыў наступныя: узмацненне кааперацыі бізнесу; развіццё фінансавых механізмаў, абароненых ад знешняга ўздзеяння; выкарыстанне інвестыцыйнага патэнцыялу; фарміраванне эфектыўных форм і пляцовак для ўзаемадзеяння бізнесу – міжнародных выставачных праектаў; практычная дапамога бізнесу ў рамках правядзення знешнеэканамічных аперацый.
«Гандлёва-прамысловыя палаты маюць сур'ёзны вопыт і неабходную інфраструктуру для аказання садзейнічання па гэтых пытаннях. Яе неабходна выкарыстоўваць, – адзначыў Дзяніс Мялешкін. – Акрамя таго, лічым важным расказваць бізнесу аб ШАС, яе мэтах і перавагах інтэграцыі для дзелавой супольнасці. І БелГПП ужо плануе правесці такі семінар у Беларусі».
На палях форуму намеснік старшыні БелГПП правёў перагаворы з выканаўчым сакратаром Дзелавога савета ШАС Сяргеем Канаўскім аб асаблівасцях фарміравання нацыянальнай часткі Дзелавога савета ШАС і ўзаемадзеянні з сакратарыятам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.