Перамовы старшыні БелГПП В.Улаховіча з кіраўнікамі гандлёва-прамысловых палат замежных краін
24 лістапада 2021 г

У другі дзень работы XII Сусветнага кангрэса гандлёва-прамысловых палат у Дубаі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч правёў перагаворы з выканаўчым дырэктарам Асацыяцыі еўрапейскіх гандлёва-прамысловых палат (ЕЎРАПАЛАТЫ) Бенам Батэрсам, кіраўнікамі і прадстаўнікамі Расійска-Германскай знешнегандлёвай палаты, Аўстрыі, Бангладэш, Бельгіі, Беніна, Бурундзі, Зімбабвэ, Камеруна, Амана, Саудаўскай Аравіі, Тога, Турцыі, Рэспублікі Чад, кантона Жэнева (Швейцарыя).

На сустрэчы з выканаўчым дырэктарам ЕЎРАПАЛАТЫ разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння ў рамках Асацыяцыі, удзелу БелГПП у мерапрыемствах і праектах ЕЎРАПАЛАТЫ. Далейшыя крокі па развіццю Ініцыятывы "Ад Лісабона да Уладзівастока" абмеркаваны з прадстаўнікамі Расійска-Германскай знешнегандлёвай палаты.

У ходзе перагавораў з прадстаўнікамі бізнес-асацыяцый Бангладэш, Амана, Турцыі разгледжаны асноўныя напрамкі работы дзелавых саветаў, створаных БелГПП сумесна з гэтымі арганізацыямі, планы па правядзенню пасяджэнняў саветаў у 2022 годзе – пры асабістым удзеле прадстаўнікоў дзелавых колаў і ў анлайн-фармаце.

Магчымасці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у міжнароднай выставе ў Булавайо і арганізацыі дзелавога візіту ў Зімбабвэ абмяркоўваліся на сустрэчы з кіраўніком ГПП гэтай краіны.

Дасягнута дамоўленасць аб абмене бізнес-місіямі з ГПП Саудаўскай Аравіі.

Кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Бельгіі прадставіў паспяховы праект узаемадзеяння з Беларускім металургічным заводам, выказаў гатоўнасць ГПП садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва бельгійскіх і беларускіх дзелавых колаў.

Кіраўнікі і прадстаўнікі палат Беніна, Бурундзі, Камеруна, Тога, Рэспублікі Чад пацвердзілі зацікаўленасць бізнесу сваіх краін у пашырэнні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі па шырокім спектры напрамкаў. Старшыня БелГПП запрасіў калег узяць удзел у трэцім Беларуска-Афрыканскім эканамічным форуме ў Каіры.

Акрамя таго, на палях Кангрэса Уладзімір Улаховіч даў інтэрв'ю аўтарытэтным выданням Dubai Business Channel і Forbes Middle East.

Фота
Наверх