
У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбылася сустрэча намесніка старшыні БелГПП Алены Маліноўскай з гандлёвым саветнікам Пасольства Бангладэш у Маскве Доктарам Шахам Махамадам Хабібулам Хасанам. У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Народнай Рэспублікай Бангладэш.
– Беларусь і Бангладэш валодаюць значным патэнцыялам для паглыблення эканамічнага ўзаемадзеяння. Мы надаём вялікае значэнне нашаму цеснаму супрацоўніцтву і бачым вялікія магчымасці ў пашырэнні гандлю і развіцці сумесных праектаў у такіх сферах, як сельская гаспадарка, машынабудаванне, тэкстыльная прамысловасць, фармацэўтыка, інфармацыйныя тэхналогіі, – падкрэсліла Алена Маліноўская.
Асноўны партнёр БелГПП у Бангладэш – Федэрацыя гандлёва-прамысловых палат Бангладэш. Узаемадзеянне ажыццяўляецца з 2006 года: тады было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. У лістападзе 2012 года ў рамках візіту Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Бангладэш БелГПП ва ўзаемадзеянні з ФГППБ правяла бізнес-форум, на палях якога падпісаны мемарандум аб стварэнні Дзелавога савета «Беларусь-Бангладэш».
Акрамя таго, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Гандлёва-прамысловай палатай г. Дака.
У 2013 годзе назначаны прадстаўнік БелГПП у Бангладэш, а таксама праведзена пасяджэнне Дзелавога савета ў рамках візіту Прэм'ер-міністра Бангладэш у Рэспубліку Беларусь.
У далейшым практычна штогод праводзіліся розныя сумесныя мерапрыемствы – як у Беларусі, так і ў Бангладэш, у ходзе якіх абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва дзелавых колаў дзвюх краін, перспектывы арганізацыі ўзаемадзеяння па лініі гандлёва-прамысловых палат, арганізацыі абмену бізнес-візітамі, правядзення сумесных мерапрыемстваў, удзелу прадпрыемстваў і арганізацый у выставах і кірмашах у Беларусі і Бангладэш. Пацвярджэннем цеснага ўзаемадзеяння з'яўляецца шэраг падпісаных дакументаў.
– Мы высока цэнім дынамічнае развіццё бангладэшскай эканомікі і зацікаўлены ва ўмацаванні супрацоўніцтва ў ключавых галінах, – рэзюмавала Алена Маліноўская.