Круглы стол у рамках работы Беларуска-Казахстанскага дзелавога савета
30 мая 2024 г

У Беларускай гандлёва-прамысловай палаце адбыўся круглы стол, арганізаваны БелГПП сумесна са Знешнегандлёвай палатай Казахстана ў рамках работы Беларуска-Казахстанскага дзелавога савета.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ерлан Байжанаў, в.а. намесніка старшыні праўлення, дырэктар дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Знешнегандлёвай палаты Казахстана Дыяна Жакутава, прадстаўнікі бізнес-саюзаў, каля 50 прадпрыемстваў і арганізацый дзвюх краін.

Вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты адзначыў, што Беларусь і Казахстан маюць доўгую гісторыю дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а ў апошнія гады адносіны дзвюх краін вельмі дынамічна развіваюцца і насычаны двухбаковымі кантактамі.

«Нашы краіны дэманструюць вялікі патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў самых розных галінах – ад сельскай гаспадаркі да высокіх тэхналогій і інавацыйных распрацовак. Актыўна развіваецца кааперацыя ў прамысловым сектары, у тым ліку ў машынабудаванні, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Паспяхова рэалізуюцца сумесныя інвестыцыйныя праекты, – распавёў Міхаіл Мятлікаў. – Важным напрамкам з'яўляецца таксама супрацоўніцтва ў транспартнай і лагістычнай сферах, што асабліва актуальна падчас фарміравання новых еўразійскіх гандлёвых маршрутаў».

У той жа час, паводле яго слоў, ёсць напрамкі, патэнцыял двухбаковых сувязей у якіх рэалізаваны не ў поўнай меры. Гэта, у прыватнасці, сумеснае выйсце на рынкі трэціх краін, асабліва ў рамках такіх інтэграцыйных аб'яднанняў як ЕАЭС і ШАС, а таксама ўзаемадзеянне ў галіне інфармацыйных тэхналогій, біятэхналогій, «зялёнай» энергетыкі.

Для раскрыцця патэнцыялу важныя асабістыя сустрэчы і сумесныя намаганні бізнесу. У сувязі з гэтым Міхаіл Мятлікаў высока ацаніў эфектыўнасць рэгулярных кантактаў дзелавых колаў дзвюх краін па лініі Беларуска-Казахстанскага дзелавога савета. «Першым чынам дзелавы савет – гэта пляцоўка для зносін, дзе бізнэсу прадстаўляецца магчымасць знайсці партнёраў, «зверыць гадзіннікі» і намеціць на перспектыву ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва», – адзначыў ён і пажадаў удзельнікам і цяперашняга мерапрыемства паспяховай працы і важкіх практычных вынікаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана Ерлан Байжанаў у сваю чаргу падкрэсліў, што для беларускага бізнесу ў Казахстане створаны ўсе ўмовы: «У Казахстане адкрываюцца беларускія гандлёвыя сеткі і, што вельмі важна, адкрываюцца сумесныя прадпрыемствы. Каля васьмі праектаў была рэалізавана ў сферы прамысловай кааперацыі, у асноўным гэта вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэта пазітыўны працэс, і якраз сённяшняе мерапрыемства, сустрэча дзелавых колаў, павінна дапамагчы бізнесменам знаходзіць агульныя інтарэсы ў працэсе жывых зносін. Мы хацелі б, каб развівалася інвестыцыйнае супрацоўніцтва, тут ёсць вялікія перспектывы. Мы падтрымліваем кантакты з прадстаўнікамі беларускіх кампаній, назіраем вялікую цікавасць да гэтай тэмы, адлюстраваннем чаго з'яўляецца сённяшняя сустрэча. Прыехала група бізнэсмэнаў, і мы спадзяемся, што гэта дасць добры імпульс развіццю гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і кааперацыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».

У ходзе круглага стала былі разгледжаны некаторыя бягучыя пытанні беларуска-казахстанскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, адбыліся прэзентацыі дзейнасці і перспектыўных напрамкаў будучага супрацоўніцтва ад прадстаўнікоў дзелавых колаў Казахстана – членаў дэлегацыі.

Акрамя таго, удзельнікі з боку бізнесу дзвюх краін атрымалі магчымасць правесці перагаворы аб партнёрстве ў такіх сферах, як машынабудаванне, вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання, харчовая прамысловасць і малочная вытворчасць, аграпрамысловы комплекс, вытворчасць алкагольных і безалкагольных напояў і іншых.

Па выніках мерапрыемства плануецца пашырыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва і актуалізаваць інтарэсы бакоў па розных напрамках.

Фота
Наверх