
У рамках візіту ў Азербайджанскую Рэспубліку Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі Беларускай гандлёва-прамысловай палатай арганізаваны візіт беларускай дэлегацыі дзелавых колаў у Баку, дзе адбылася бізнес-сустрэча прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Азербайджана.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай канфедэрацыі прадпрымальнікаў (работадаўцаў) Азербайджанскай Рэспублікі Вугар Зейналаў, кіраўнікі і прадстаўнікі больш за 40 беларускіх і азербайджанскіх кампаній і арганізацый.
У ходзе бізнес-сустрэчы разгледжаны перспектыўныя напрамкі беларуска-азербайджанскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін правялі перагаворы аб развіцці партнёрства ў галінах дрэваапрацоўкі, прамысловай вытворчасці і машынабудавання, архітэктуры і будаўніцтва, харчовай прамысловасці і іншых.
Па выніках мерапрыемства падпісана 12 двухбаковых пагадненняў і кантрактаў на пастаўку беларускай прадукцыі азербайджанскім партнёрам на агульную суму каля 55 млн долараў.
У рамках візіту ў Баку члены беларускай бізнес-дэлегацыі таксама наведалі міжнародныя выставы InterFood і Caspian Agro, на якіх прадстаўлены нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь, які дэманструе прадукцыю 39 вядучых айчынных вытворцаў харчовай прадукцыі, навуковых арганізацый, канцэрнаў і холдынгаў.
Старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў у рамках візіту сустрэўся са старшынёй праўлення Агенцтва развіцця малога і сярэдняга бізнесу пры Міністэрстве эканомікі Азербайджанскай Рэспублікі (COBIA) Арханам Відадзі Оглу Мамадавым. М.Мятлікаў і А.Мамадаў абмеркавалі актуальныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва, магчымасці падпісання пагаднення аб узаемадзеянні паміж арганізацыямі, а таксама арганізацыі візіту ў Беларусь дэлегацыі дзелавых колаў Азербайджана.
Акрамя таго, адбылася сустрэча старшыні БелГПП з віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай канфедэрацыі прадпрымальнікаў (работадаўцаў) Азербайджанскай Рэспублікі Вугарам Зейналавым, у час якой былі разгледжаны пытанні далейшага супрацоўніцтва Палаты і Канфедэрацыі для развіцця кантактаў бізнесу дзвюх краін.