Анлайн-семінар «Як выйсці на іспанскі рынак»
30 лістапада 2021 г

Беларускай гандлёва-прамысловай палатай арганізаваны практычны анлайн-семінар для прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый «Як выйсці на іспанскі рынак».

Адкрываючы семінар, старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч адзначыў, што беларускі бізнес зацікаўлены ў супрацоўніцтве з іспанскімі кампаніямі. На ўдзел у мерапрыемстве зарэгістраваліся больш за 30 айчынных кампаній розных сектараў эканомікі. «Прэзентацыя асаблівасцей і ключавых тэндэнцый рынку Іспаніі – гэта магчымасць для беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый атрымаць неабходную інфармацыю прыкладнога характару па пашырэнню экспартнай геаграфіі, а таксама адказы на пытанні, якія цікавяць», – адзначыў старшыня БелГПП.

Прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Іспаніі, выканаўчы дырэктар стартапа ў галіне прававых тэхналогій (Milcontratos.com) Давід Фігерас прадставіў увазе кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў асноўныя тэндэнцыі рынку Іспаніі, магчымыя напрамкі для выхаду на гэты рынак, перспектыўныя нішы для беларускіх экспарцёраў, фактары, якія неабходна ўлічваць пры прасоўванні прадукцыі, асаблівасці развіцця электроннай камерцыі ў Іспаніі, маркетынгавыя стратэгіі мясцовых кампаній, праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі замежнага бізнесу, а таксама асноўныя памылкі пры выхадзе на іспанскі рынак.

Пасля завяршэння прэзентацыі прадстаўнікі беларускіх кампаній змаглі задаць г-ну Фігерасу пытанні пра работу з іспанскімі партнёрамі.

Фота
Наверх